СЕ́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

злучэнні серы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці крыніцы сернага жыўлення раслін. Да іх належаць сульфаты амонію, калію, магнію, таксама гіпс, фосфагіпс, арган. ўгнаенні. Уносяць С.ў. ў глебы з нізкім утрыманнем серы (саланцы, саланчакі), эфектыўныя на падзолістых пясчаных глебах. Асабліва неабходныя для вырошчвання крыжакветных, бабовых культур, сланечніку, бульбы. Нейтралізуюць шчолачнасць глебы (гл. Гіпсаванне глебы), павышаюць засваяльнасць цукарастваральных фасфатаў, павялічваюць растваральнасць кальцыю, калію, жалеза, магнію.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)